ВАЛЬФА́РТАВА МУ́ХА

(Wohlfahrtia magnifica),

насякомае сям. шэрых мясных мух. Пашырана на Пд Еўропы, у Паўн. Афрыцы, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. Трымаецца кветак, трупаў жывёл. На Беларусі зрэдку трапляецца ў паўд. раёнах.

Даўж. 9—14 мм, цела папяляста-шэрае, вусікі і ногі чорныя. Адкладае жывых лічынак (даўж. каля 1 мм) у адкрытыя раны і слізістыя абалонкі млекакормячых, зрэдку на чалавека (вушы, вочы, рот, нос). Лічынкі разбураюць навакольныя тканкі, трапляюць у лобныя пазухі, насавую, гаймараву поласці і выклікаюць цяжкія захворванні — міязы; развіваюцца 3—5 сут, потым вывальваюцца з ран і акукліваюцца ў глебе. За год да 6 пакаленняў. Часта бываюць прычынай гібелі жывёлы.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)